Свабодная прастора
Лідэры АДС правялі прэс-канферэнцыю па выніках выбараў (+фота)


Паводле першага намесніка старшыні Партыі БНФ Вінцука Вячоркі, цягам кампаніі «не было ніякіх ілюзій наконт яе вынікаў» і пры тым «яны сведчаць пра слабасць і нестабільнасць улады».
Да таго ж, адзначыў В.Вячорка, ёсць станоўчы вынік - «тыя, хто браў удзел у выбарах, данеслі праўдзівую інфармацыю да сотняў тысяч людзей, сабралі неабходную колькасць доказаў для таго, каб гэты фарс не быў прызнаны аб'ектыўнымі назіральнікамі».



Лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька падкрэсліў, што «з пункту гледзішча АДС, сітуацыя з выбарамі неблагая, бо яна садзейнічае кансалідацыі АДС. І цяпер стаіць задача выпрацоўкі стратэгіі, далейшага плану дзеянняў ды інфраструктуры АДС».
А краіна ў дадзеным выпадку «прайграла з пункту гледжання перспектывы. І гэта параза Еўропы, еўрапейскай дыпламатыі, еўрапейскіх палітыкаў», - сказаў А.Лябедзька.


Лідэр Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін пацвердзіў гэтую думку, адзначыўшы, што «расчараванне міжнародных назіральнікаў мацнейшае за наша». Палітык таксама падкрэсліў, што «трэба як мага хутчэй праінфармаваць грамадзянаў аб тым, што насамрэч адбылося».

.jpg)
Прадстаўнік Прэзідыума Палітрады БСДП(Г) Ігар Рынкевіч назваў выбары цынічнымі, сказаў, што тых, хто іх сфальсіфікаваў, «трэба прыцягваць да крымінальнай адказнасці» і сцвердзіў уласную пазіцыю на будучых прэзідэнцкіх выбарах – байкот.


Кандыдат у дэпутаты Віктар Гарбачоў назваў выбарчую кампанію «згвалтаваннем народа» і «апошнім крокам рэжыма, які перакрэсліў усё, што ён раней спрабаваў зрабіць». Да таго ж палітык падкрэсліў, што з гэтай кампаніяй дэмсілы «набылі вопыт, тысячы людзей нам паверылі», а ў далейшым сапраўды «трэба мяняць тактыку».

Інфармацыйны цэнтр АДС
